помнік архітэктуры барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Першы гатычны касцёл засн. ў 1395 пры кн. Вітаўце (існаваў да 1712). На яго месцы ўзведзены новы мураваны, у 1723 асвячоны віленскім біскупам Мацеем Анцатам. Храм 1-нефавы, з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўн. боку прылягае сакрысція. У кампазіцыі будынка 2 стараж. гранёныя капліцы ранейшага касцёла. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўвахода, сцяна гал. фасада і вежы ссунуты адносна падоўжнай восі будынка, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаны адзінай цягай карніза, які падзяляе гал. фасад на высокую ніжнюю частку і трохвугольны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі з пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага цела ў паўн. сцяне ўмуравана мемар. пліта, заказаная ў 1643 кашталянам Я.Рудамінам у памяць пра брата і суседзяў, якія загінулі ў 1621 у баі з туркамі пад Хоцінам.